ВОГНЕТРЫВА́ЛЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы і вырабы, устойлівыя да ўздзеяння высокай (больш за 1580 °C) т-ры. Падзяляюцца на ўласна вогнетрывалыя (з вогнетрываласцю 1580—1770 °C; дынасавыя, кварцавыя, шамотавыя, паўкіслыя вогнетрывалыя матэрыялы), высокавогнетрывалыя (1770—2000 °C; высокагліназёмістыя, даламітавыя, карбарундавыя, форстэрытавыя, храмітавыя) і найвышэйшай вогнетрываласці (больш за 2000 °C; магнезітавыя, шпінельныя, цырконіевыя, коксавыя, графітавыя, з чыстых вокіслаў і інш.).

Вогнетрывалыя матэрыялы бываюць: рознай шчыльнасці, у т. л. легкаважныя (цеплаізаляцыйныя); з пластычных (маюць гліны) і непластычных мас; абпальныя, безабпальныя, плаўленыя, выпілаваныя з горных парод; фармаваныя (фасонная і звычайная цэгла, трубы, пліты) і нефармаваныя (парашкі, растворы, абмазкі, бетоны). Выкарыстоўваюцца для муроўкі металургічных, шклаварных і інш. пячэй, топак, цеплавых агрэгатаў. З іх робяць тыглі, рэторты, дэталі шклоразлівачных каўшоў і інш. Найб. пашыраны ў прам-сці шамотныя вогнетрывалыя матэрыялы, іх атрымліваюць з вогнетрывалай гліны (радовішчы ў Беларусі) і кааліну. Вогнетрывалыя матэрыялы з бескіслародных злучэнняў і чыстых вокіслаў атрымліваюць метадам парашковай металургіі (канчатковая аперацыя — спяканне). Тэхналогія вытв-сці керамічных вогнетрывалых матэрыялаў уключае абпальванне мінер. сыравіны, памол, дабаўку клейкіх рэчываў (гліны, вадкага шкла, вапны, смалы), фармаванне, абпальванне вырабаў. Вогнетрывалыя вырабы выпускае Мінскі фарфоравы з-д. Гл. таксама Вогнетрывалых матэрыялаў прамысловасць.

т. 4, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)